Водгук на п’есу
Уладзіміра Савіча “TOMBE
LA NEIGE”
П’еса Уладзіміра Савіча «TOMBE LA NEIGE”
(у перакладзе на беларускую “Падае снег”) уздымае вельмі важныя для кожнага
чалавека праблемы, найперш маральнага, этычнага зместу: у чым сэнс чалавечага
жыцця, якую ролю ў ім іграюць нашы родныя, блізкія людзі, што з’яўляецца
першаснай каштоўнасцю чалавека – спажывецкі альбо духоўны пачатак. На жаль, мы
часцей за ўсё прыходзім да разумення нейкіх істотных рэчаў у крытычныя моманты
жыцця. Так і ў галоўнага героя п’есы Эндру (Андрэя), расійскага эмігранта, як
быццам усё ў жыцці складваецца выдатна: цалкам забяспечанае жыццё ў Канадзе,
праца ў прыстойнай фірме, прыгожая, клапатлівая жонка, шыкоўнае жытло.Але
штосьці грызе яго сумленне, не дае спакою. Гэта разлад з маці, з якой ён
пасварыўся і кінуў у Расіі 25 год таму. Неўзабаве Андрэй атрымлівае з
дыягнастычнага цэнтра, дзе прайшоў абследаванне, вестку аб страшным дыягназе,
невылечнай хваробе. Ён вырашае паехаць на радзіму. Але Кэці (так завуць яго
жонку) адгаворвае яго і сама выклікае ў Канаду маці. Праўда, гэтай сустрэчы не
суджана адбыцца: маці Андрэя памірае ў бальніцы ад сардэчнай хваробы. Тады Кэці
прапануе старой актрысе пераўвасобіцца ў маці Андрэя, каб скінуць яго маральны
цяжар і аблегчыць апошнія хвіліны яго жыцця.
Па жанру п’еса як быццам бліжэй да меладрамы, хоць у ёй багата і камедыйных
момантаў, ёсць і шэраг камедыйных персанажаў (доктар Лур’е, пажылы акцёр Іван
Кабылін, вельмі каларытныя персанажы ў расійскай клініцы – медсястра Клава,
пенсіянер Салдатаў, Безгалосы пацыент, санітар). Разам з тым да жанру
трагікамедыі п’еса таксама не дацягвае, бо асноўны сюжэтны стрыжань
меладраматычны.
Спектакль па гэтай п’есе, відаць, будзе вельмі блізкі і зразумелы эмігранцкаму
асяроддзю, да якога належыць і аўтар. У ім адчуваецца моцны настальгічны
настрой. Разам з тым ён можа быць блізкім і зразумелым і гледачам Беларусі,
Расіі ды іншых краін былога Савецкага Саюза. Згубленая маці несумненна
асацыіруецца са страчанай радзімай. На жаль, гэтае паняцце ў наш час вельмі
нівеліравана.
Аўтар спрабуе супрацьпаставіць замежжа і Расію, але разам з тым паказвае
крытычна і той, і гэты бок. Наўрад ці тое, што мы пабачым у расійскай клініцы, у
кагосьці з эмігрантаў выкліча жаданне вярнуцца на радзіму. Атрымліваецца, як у
вядомай прымаўцы: там добра, дзе нас няма. Ды і чэсна кажучы, уплыў заходніх
каштоўнасцей ужо вельмі адчуваецца і ў Расіі. Хацелася б, каб вобраз доктара
Буша, які пакінуў Канаду дзеля Расіі, быў выпісаны больш пераканаўча, каб былі
зразумелыя матывы гэтага яго ўчынку. А можа, так зрабіць, што ў яго ўжо
адбываецца пэўная пераацэнка, і Расія ўжо не здаецца яму такой прывабнай?..
У цэлым жа п’еса робіць добрае ўражанне і, мяркую, можа быць пастаўлена на
прафесійнай сцэне і мець поспех у гледача.
Юрый Іваноўскі,
тэатразнаўца, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба
Коласа.