Радио Свобода о рассказе Владимира Савича «ЛІНІЯ»

 

 

Апавяданьне зацікавіла тым, што ягоны аўтар — ураджэнец і жыхар горада у яким  адбываюцца апісаныя  им падзеі. Гэта стварае эфэкт рэальнай прысутнасьці і робіць тагачасную рэчаіснасьць даволі пазнавальнай нават праз некалькі дзесяткаў год. Разбураны касьцёл і рэмзавод, між імі закінутая чыгуначная лінія. Першамайская дэманстрацыя на вуліцы з аднайменнай назваю, дзе яна ладзіцца дасюль. Падлеткі, якія асабліва старанна нясуць транспаранты і надзвычай гучна крычаць ура!, зусім не ад любові да КПСС, а нібы імкнучыся загладзіць віну за надта непрыемную гісторыю, у якой напярэдадні былі сьведкамі і саўдзельнікамі. На шчасьце, усё абышлося для каго ўмоўным тэрмінам, для каго бацькоўскай папругай, хаця й магло скончыцца турэмным зьняволеньнем. Пасталеўшы, тыя падлеткі хутчэй за ўсё палічаць за лепшае ня ўзгадваць аб такім сваім досьведзе ні пад час выхаваўчых гутарак з нашчадкамі, ні ў блатной кампаніі, нехта праз сваю разумовую абмежаванасьць наогул не сьцяміць, у чым вінаваты.

Толькі для аднаго з усіх гэты выпадак зробіцца лініяй, што падзяляе дзяцінства і сьвет дарослых, нагодай для роздуму аб псыхалёгіі савецкай моладзі, самай перадавой у сьвеце, аб абставінах, якія змушаюць да лідэрства аднаклетачных істотаў з прозьвішчамі Каробка, Казлоў і Гаўноў. Нічога ня зробіш — у жыцьці мяжою між дзяцінствам і сталасьцю рэдка бывае выпускны вечар у актавай залі.
Асаблівай ухвалы заслугоўвае перакладчык, які здолеў так арганічна, нязмушана перакласьці на родную мову і глыбокія ўнутраныя развагі, і блатныя мянушкі.